Нашы традыцыі: свята “Конiкi”

16.01.2018

Народнае свята “Конікі” аб’ядноўвае дзяцей і дарослых, гарадчукоў і гасцей горада. Увечары 13 студзеня пасля першай зоркі трубіць рог – свята пачынаецца. Конікі спяваюць пра тонкую і высокую сасну, віншуюць гаспадароў са Шчадрацом, жадаюць ім дабра.

Старажытны горад захаваў здавён вядомае свята і надаў яму сучасны размах і падыход. Плошча Давыда стала месцам народнага святкавання. Якіх толькі масак тут ні ўбачыш! Адчуванне такое, быццам ты ў казцы. Гірлянды лямпаў адбіваюцца зоркамі ў дзіцячых вачах, яны свецяцца радасцю.

Для дзяцей  горада і шматлікіх гасцей Давыд-Гарадоцкі цэнтр дзіцячай творчасці падрыхтаваў святочную праграму. Усіх вітае Снягурка, віншуе са святам, але раптам з’яўляецца Баба Яга і Кікімара. Але сёння яны не будуць перашкаджаць весяліцца, а наадворот, яны дапамогуць правесці гульні і конкурсы! І ўсе танцуюць, гуляюць, спяваюць. 

А вось і Дзед Мароз! Свята працягваецца! Ззяе агнямі ёлка, гучаць песні і музыка. 

Няхай і надалей шануецца наша слаўная традыцыя, прыносіць радасць у кожны дом, узбагачае нас духоўна і ўзвышае культурна.